У рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”, якая праходзіць з 3 па 10 красавіка, прынялі ўдзел актывісткі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” на чале са старшынёй аб’яднання Аленай Васкель і супрацоўнікі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы на чале з начальнікам аддзела Дзмітрыем Харошкам.
Жанчыны і праваахоўнікі саджалі маладыя дрэўцы на ўчастку Вензавецкага лясніцтва ва ўрочышчы Беразіна.
Як патлумачыў майстар лесу гэтага лясніцтва Дзмітрый Венскі, работы праходзілі ў квартале пад нумарам 168, дзе засаджвалі сасной і бярозай дзве прагаліны – па 20 і 60 сотак. Саджанцы “прыехалі на новае месца жыхарства” з Гезгалаўскага лясніцтва.
Добраахвотнікі працавалі талакой у цудоўным настроі і з энтузіязмам, нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, бо кожны з іх разумеў: ён робіць карысную справу. Пакуль білі лункі, апускалі ў іх маленькія саджанцы і прыціскалі да зямлі, з задавальненнем узгадвалі свае ранейшыя паходы па грыбы, меркавалі, што пад пасаджанымі маладзенькімі соснамі ўжо праз некалькі гадоў могуць з’явіцца маслякі.
– Гадоў праз сем-дзесяць гэтыя саджанцы ўжо падрастуць, – выказала спадзяванне Алена Васкель. – Гуляючы па нашым маладняку, можна будзе на поўныя грудзі надыхацца водарам ігліцы, а восенню – назбіраць грыбоў. Прыязджаць на гэты ўчастак людзі змогуць сем’ямі.